Аўдыёкніга для кожнай беларускай сям’і
Адрасаваная юным беларусам кніга Уладзіміра Арлова “Адкуль наш род”, добразнаёмая чытачам самага рознага веку — усім, хто цікавіцца гісторыяй. Пра гэта сведчаць і чатыры выданні, і шматгадовая прысутнасць кнігі ў школьных праграмах.
Днямі пабачыла сьвет пятае выданне – гэтым разам у фармаце аўдыёкнігі. Яе складаюць займальныя і пазнавальныя апавяданні, у якіх нашая гісторыя падаецца праз лёсы знакамітых продкаў.
Сярод герояў Арлова — князі Усяслаў Чарадзей і Вітаўт Вялікі, першадрукар Францішак Скарына і канцлер Леў Сапега, ваяводы Канстанцін Астрожскі і Ян Кароль Хадкевіч, правадыры паўстанцаў Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі, паэты Мікола Гусоўскі і Максім Багдановіч, “бацькі” Беларускай Народнай Рэспублікі Іван і Антон Луцкевічы...
Падкрэсьліваючы выключную ролю, якую у нашай гісторыі зь першых яе стагодзьдзяў адыгрываюць жанчыны, Уладзімір Арлоў апавядае пра княгіню Рагнеду, асьветніцу Еўфрасінню, удзельніцу вызвольнага паўстання 1831 года Эмілію Плятэр, паэтэсу Цётку...
Храналагічныя межы 30 раздзелаў кнігі — ад з’яўлення на сучаснай тэрыторыі Беларусі першых людзей да абвяшчэння незалежнасці БНР.
“Адкуль наш род” — першая беларуская аўдыёкніга, якую начытаў сам аўтар. Але адметнай яе робіць не толькі гэта. У дадзеным выпадку мы маем справу не проста з аўдыёкнігай, але з мультымедыйным праектам. “Адкуль наш род” можна як слухаць, так і чытаць. Кніга мае багатае гукавое афармленне і аздобленая малюнкамі вядомага мастака Віктара Сташчанюка. У яе арганічна ўвайшоў музычны “кампанент”, дзе вылучаюцца кампазіцыі гурту сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса”. Сярод ліку выканаўцаў уштукаваных у кнігу вершаў — наш выдатны актор Віктар Манаеў.
Разам з Уладзімірам Арловым над дыскам працаваў гукарэжысёр Алесь Калоша, які мае непасрэднае дачыненне ўжо да цэлай аўдыёбібліятэкі беларускай класікі і сучасных твораў.
Кніга выдадзена выдавецка-рэкламнай кампаніяй “БелТонМедыа”, якая неўзабаве плануе выпусціць аўдыёверсію яшчэ адной папулярнай кнігі Ўладзіміра Арлова “Таямніцы полацкай гісторыі” (яе таксама чытае сам аўтар).
З гэтага тыдня мультымедыйны “Адкуль наш род” ужо можна набыць у цэнтральных менскіх кнігарнях, а таксама ў незалежных распаўсюднікаў.